ЭЛЕКТРАМАГНІ́ТНАЯ ПО́МПА,

1) поршневая або дыяфрагмавая помпа, у якой паступальна-зваротны рух рабочага органа ажыццяўляецца стальным стрыжнем, устаўленым у саленоід, што падключаны да крыніцы электрасілкавання.

2) Магнітагідрадынамічная помпа для перамяшчэння электраправодных вадкасцей (звычайна расплаўленых металаў) пад уздзеяннем магн. поля. Бываюць індукцыйныя і кандукцыйныя.

У індукцыйнай Э.п. электраправодная вадкасць перамяшчаецца эл.-магн. сілай, якая ўзнікае пры ўзаемадзеянні магн. поля індуктара з полем эл. току, што індуцыруецца ў праходзячай праз помпу вадкасці; у кандукцыйнай Э.п. — у выніку ўзаемадзеяння магн. поля, якое ствараецца магн. сістэмай помпы, з токам, што прапускаецца праз вадкасць (токаправодная вадкасць мае эл. сувязь са знешняй крыніцай току). Кандукцыйныя помпы працуюць на пастаянным і пераменным току. Э.п. выкарыстоўваюцца ў атамнай тэхніцы, металургіі і інш.

т. 18, кн. 1, с. 88

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)